На пачатку тыдня галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса Аляксей Мікалаевіч Апёнак і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Канстанцінаўна Даніловіч наведаліся ў Гуту. У службовым УАЗе – дыпломы і падарункі. Дзень работнікаў лесу хутка, але не сваіх штатных працаўнікоў накіраваліся адзначыць прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства, ехалі, каб выказаць словы ўдзячнасці неабыякавым людзям, якія папярэдзілі лясны пажар.

“Я быў дома, калі мне Сяргей патэлефанаваў, казаў, што адзін можа не справіцца, – успамінае Мікалай Уладзіміравіч Мядзведзеў. – Схапіў вёдры, рыдлёўку, скочыў у машыну і накіраваўся на дапамогу”. У гэты час  Сяргей Мікалаевіч Пчолка ўжо тушыў узгаранне сухой травы на беразе возера Должыца, якое, па словах інжынера па ахове і абароне лесу лясгаса Івана Сяргеевіча Шугалея, хутчэй за ўсё узнікла з-за чалавечага фактару – мабыць нехта з рыбакоў або адпачываючых кінуў запалку ці акурак. На шчасце, побач аказаўся С.М.Пчолка, які з падаспеўшым М.У.Мядзведзевым лакалізавалі ўзгаранне і такім чынам не далі яму перакінуцца ў прымыкаючы да возера лес.

– Калі мы з леснікамі пад’ехалі да гэтага месца, то дзякуючы своечасовым дзеянням мясцовых жыхароў агню ўжо не назіралася, – расказвае ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Аркадзьевіч Падвойскі. – З дапамогай мотапомпы залілі вадой выгарэлы ўчастак.

М.У.Мядзведзева да мясцовых жыхароў можна аднесці ўмоўна – у Гуце, на радзіме жонкі Валянціны Кірылаўны, яны праводзяць цёплую палову года, на зіму адпраўляюцца ў Віцебск. “Муж да пенсіі працаваў у галіне электрасувязі, з пажарнай службай ці лясной гаспадаркай звязаны не быў, – радавалася за блізкага чалавека гаспадыня. –  Гэта мой бацька Кірыл Барысавіч Марковіч усё жыццё прысвяціў лесу, так што муж падтрымаў справу цесця!” Трэба адзначыць, што М.У.Мядзведзеў і на наступны дзень наведаў месца здарэння, разам з унукам Цімафеем зноў палілі бераг вадой – для надзейнасці.  

А.М.Апёнак уручыў Мядзведзевым дыплом і падарунак.  С.М.Пчолкі дома не аказалася, прадстаўнікі лясгаса падзякавалі за сына яго маці.

Як высветлілася, у справе аховы ўгоддзяў ад пажараў добраахвотна дапамагаюць лесаводам не толькі мужчыны – на смелыя ўчынкі здатныя і прадстаўнікі цудоўнай паловы. Гэта даказвае прыклад Таццяны Аляксандраўны Кандрацкай. Маладая жанчына наведвала бацькоў у Слабадзе, паехала ў лес ля Баравых за ягадамі. Заўважыўшы ўзгаранне, адразу патэлефанавала па “101”, сама ж месца пажару не пакінула, а пачала збіваць агонь, дапамагала, нават калі на месца здарэння прыехалі супрацоўнікі лясной аховы. Як адзначыў І.С.Шугалей, кромку агню ўдалося адбіць, не даць яму распаўсюдзіцца на новыя ўчасткі лесу ў тым ліку і з-за рашучых дзеянняў жанчыны, а прыбыўшая пажарная завяршыла справу. Т.А.Кандрацкая ў чацвер таксама пачула словы удзячнасці ад кіраўніцтва лясгаса, ёй таксама ўручаны дыплом і падарунак.

Д.Раманоўскі.